Дзяржаўная ўстанова культуры «Музей гісторыі горада Брэста»

Музей гісторыі горада Брэста заснаваны 28.02.1990 г. рашэннем №78 выканаўчага камітэта Брэсцкага абласнога Савета народных дэпутатаў. Адкрыты 25.07.1998 г. Экспазіцыя музея размешчана ў пяці залах на двух паверхах і тэматычна дзеліцца на тры часткі: «Архітэктурнае аблічча і гістарычнае жыццё горада ў XI — першай палове XIX стагоддзя»; «Будаўніцтва і развіццё горада на новым месцы ў сярэдзіне XIX — 30 - х гг. XX стст.»; «Сучасны горад». У экспазіцыі прадстаўлена больш за 600 музейных прадметаў, якія складаюць гістарычную спадчыну горада: дакументы, планы, мастацкія творы, макеты, скарбы, археалагічныя артэфакты, прадметы побыту.

Сярод найбольш каштоўных экспанатаў можна вылучыць арыгінальнае выданне Брэсцкай Бібліі 1563 года — найбольш поўнае выданне на тэрыторыі Беларусі. Яшчэ адным каштоўным экспанатам музея з'яўляецца самы стары гадзіннік горада Брэста 1767 года. Гэты гадзіннік паказвае не толькі час, але і пачуцці… Выгравіраванае сэрца, працятае стралой Амура, ажурныя стрэлкі з сэрцайкамі, паслужылі таму, што сярод гараджан замацавалася назва «Гадзіннік закаханых». У дадатак да гадзіннікаў у музейным дворыку адкрыты арт-аб'ект «Дрэва кахання».

У экспазіцыі музея прадстаўлены найноўшыя тэхналогіі для дэманстрацыі музейных экспанатаў: Інтэрактыўнае люстэрка з праграмным забеспячэннем, аўдыёінсталяцыя «Грамафон»; « Гравюра аблога Брэста шведамі 1657 г.».